Сёньня Царква цэлебруе
Сьв. Цэцыліі, дзевы і мучаніцы
Прыйдзіце, паклонімся Богу, і ўпадзем перад Госпадам, *
і заплачам перад Тым, хто нас стварыў; *
бо Ён — Госпад Бог наш.
Прыйдзіце, узрадуемся Госпаду; *
славім гучна Бога збаўленьня нашага.
Успрымем загадзя аблічча Яго, *
у вызнаньні і ў псальмах гучна ўславім Яго.
Бо вялікі Госпад *
вялікі валадар над усімі багамі.
Бо ў руцэ Яго глыбіні зямныя *
і вышыні горныя — у Яго.
Бо ў Яго — мора, і Ён стварыў яго, *
і сушу яго рукі сфармавалі.
О, каб вам сёньня паслухаць голас Яго: †
не закамяняйце сэрцаў вашых,як у Мэрыбе, *
як у дзень спакушэньня ў Масе ў пустыні.
Хвала Айцу і Сыну…
Умацуй мае крокі на дарогах Сваіх, хай ногі мае не пахіснуцца. *
Прыхілі Тваё вуха да мяне, пачуй словы мае. *
Пакажы Тваю літасьць дзівосную; Ратаўнік тых, што на Цябе спадзяюцца, Госпадзе.
Пачуй, Госпадзе, праўду маю, †
уважы скарзе маёй, *
прымі мальбу з вуснаў неманлівых!
Ад аблічча Твайго хай будзе мне суд; *
хай паглядзяць вочы Твае на справядлівасьць.
Ты праверыў сэрца маё, †
ноччу мяне наведаў, *
выпрабаваў мяне, і не знайшоў анічога;
ад думак маіх не адступаюцца вусны мае. †
У дзеях людзскіх, па слове вуснаў Тваіх, *
я ахоўваў сябе ад шляхоў прыгнятальніка.
Падыду да ахвярніка Божага, *
да Бога радасьці і ўцехі маёй.
Разваж мяне, Божа, †
і ўбарані маю цяжбіну ад нядобрых людзей. *
Ад чалавека падступнага і несправядлівага мяне вызвалі.
Бо Ты Бог цьвярдыні маёй. †
Нашто Ты пакінуў мяне? *
авошта хаджу я і бядую ад варожых зьнявагаў?
Спашлі Тваю праўду, Тваё сьвятло; †
хай вядуць яны мяне *
і завядуць на сьвятую гару Тваю і ў селішчы Твае.
Чаго ж ты журышся, душа мая, *
чаго ты маркоцішся?
Май надзею на Бога; бо я буду славіць Яго, *
Збаўцу майго, і Бога майго.
Хвала Айцу і Сыну…